контакты
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

За тры гадзіны на “прамую лінію” са старшынёй Сенненскага райвыканкама звярнулася 6 чалавек

2 апреля 2018

За тры гадзіны на “прамую лінію” са старшынёй Сенненскага райвыканкама звярнулася 6 чалавек

Тэлефанаваўшыя, як правіла, звярталіся з асабістымі праблемамі. Некаторыя з іх, праўда, яўна мелі грамадскі адценак

Тэлефанаваўшыя, як правіла, звярталіся з асабістымі праблемамі. Некаторыя з іх, праўда, яўна мелі грамадскі адценак.

Людміла Кацюшына, пенсіянерка з вёскі Расна, звярнулася да кіраўніка раёна пасля таго, як стала зразумела, што не зможа патрапіць у Сянно. Рэйсавы аўтобус, што, згодна з раскладам, павінен прыходзіць два разы на тыдзень, у тым ліку ў суботу, не прыйшоў.

— Не завёўся, — патлумачылі на аўтастанцыі.

— Няўжо не маглі знайсці замену? Мы ж не кожны дзень карыстаемся паслугамі АТП №20. Калі едзем у райцэнтр, то па нейкіх неадкладных справах: у бальніцу, за пакупкамі, — у голасе Людмілы Мікалаеўны чулася стрыманая крыўда.

Старшыня райвыканкама тут жа звязаўся па тэлефоне з дырэктарам аўтапрадпрыемства, запатрабаваў у Мікалая Рыбчанкі тлумачэнняў. Не толькі для сябе. Кіраўнік прадпрыемства па патрабаванні Васілія Чарадніка звязаўся з пасажыркай і меў з ёй гутарку.

Мікалаю Веранёву, жыхару Ульянавіч, тэлефанаваў дырэктар Багушэўскага лясгаса Аляксандр Ізмайловіч. Справа ў тым, што вясковец не можа атрымаць дровы ў лясным дзяржаўным фондзе ў выглядзе дробнатаварнага отпуску. Яго звароты ў бліжэйшыя лясніцтвы не далі плёну. А таму Мікалай Веранёў і патэлефанаваў на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама.

У Тамары Фрыдман, якая жыве ў райцэнтры па вуліцы Мічурына, па даручэнні старшыні райвыканкама, пабывала цэлая дэлегацыя работнікаў райвыканкама і прадстаўнікоў РУП ЖКГ. Падвал дома сенненкі запаўняецца вадой. Непадалёк ад месца жыхарства жанчыны б’е крыніца. Пры павышэнні ўзроўню грунтовых вод, як гэта адбылося восенню мінулага года і зімой сёлетняга, яны выходзяць на паверхню, запаўняюць натуральныя і штучныя пустоты – у даным выпадку падвал. Каб ліквідаваць наступствы, крынічную ваду трэба адвесці, што і будзе зроблена летам.

— Усё што магчыма, каб дапамагчы людзям, павінна быць зроблена. Без пільнай патрэбы ў райвыканкам ніхто не звяртаецца. А таму мяне абурае, калі некаторыя службовыя асобы спрабуюць схавацца за інструкцыямі, адпіскамі, — падкрэсліў старшыня райвыканкама. – Падобная практыка будзе карацца жорстка.

Такую пазіцыю ўлады людзі вітаюць. У час “прамой лініі” некалькі асоб дзякавалі як асабіста Васілія Чарадніка, так і прадстаўнікоў сельскай улады за дапамогу.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
«Голас Сенненшчыны» http://www.senno.by