контакты
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

СЕННЕНСКІ СТУДЭНТ УВЕКАВЕЧЫЎ ВЁСКУ

16 апреля 2015

СЕННЕНСКІ СТУДЭНТ УВЕКАВЕЧЫЎ ВЁСКУ

У сакавіку сёлетняга года накладам 60 паасобнікаў выйшла з друку кніга «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі». Яе аўтарам з’яўляецца ўраджэнец Сянна Аляксандр Бараноўскі.

У сакавіку сёлетняга года накладам 60 паасобнікаў выйшла з друку кніга  «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі». Яе аўтарам з’яўляецца ўраджэнец Сянна Аляксандр Бараноўскі.

Для 22-гадовага хлопца, студэнта 4-га курса гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, гэта першая і разам з тым сур’ёзная заяўка на грунтоўнае даследванне.

А для нашага раёна выданне ўнікальнае ўжо тым, што з’яўляецца пакуль адзіным, дзе апісваецца гісторыя знакамітай вёскі.

Навукова-папулярнае даследванне будзе цікавым для шырокага кола чытачоў. Выданне разбіта на часткі. Першая праводзіць па старонках мінуўшчыны паселішча да ўсталявання савецкай улады. Не кожная вёска можа пахваліцца такой багатай даўніной. Беліца — адно з найстарэйшых паселішчаў на тэрыторыі Сенненшчыны. Упершыню ў пісьмовых крыніцах яна ўзгадваецца з ХVІ стагоддзя. У 2033 годзе аграгарадок адзнача 500-годдзе. Другая частка ўтрымлівае звесткі пра палацава-паркавы комплекс і гаспадарчую дзейнасць уладальнікаў Беліцы — роду Свяцкіх. Апошняя ахоплівае паслярэвалюцыйны перыяд і сучаснасць.

Аўтар правёў карпатлівую працу над узнаўленнем гістарычнага мінулага паселішча. Падрыхтоўка выдання заняла не адзін год. Большая частка прыйшлася на збор матэрыялаў і работу з гістарычнымі крыніцамі. Інфармацыю давялося здабываць у гістарычных архівах і бібліятэках Беларусі і Польшчы. Але высілкі таго каштавалі. Невялікае па аб’ёме выданне, каля 40 старонак, змяшчае ўнікальныя звесткі пра Беліцу і яе знакамітых насельнікаў. Так, напэўна, многія сенненцы ведаюць, што тут некаторы час жыў і працаваў сам Янка Купала. Але з мясцовым маёнткам звязаны імёны іншых вядомых асоб. На пачатку ХХ стагоддзя Беліца была сапраўдным цэнтрам заходняй, і, у прыватнасці, польскай культуры. Па запрашэнні Свяцкіх сюды з Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Украіны прыязджалі пісьменнікі, мастакі, навукоўцы. Дарэчы, самі Свяцкія знаходзіліся ў роднасных сувязях з беларускім жывапісцам Валенціем Ваньковічам і класікам беларускай, польскай літаратуры Адамам Міцкевічам, старэйшая дачка якога, Марыя Гурэцкая, нярэдка гасцявала ў беліцкай радні.

У паслярэвалюцыйны перыяд па ініцыятыве Дзмітрыя Прышчэпава, на той час старшыні Сенненскага выканкама, у палацы была адкрыта сельскагаспадарчая школа, а пазней і тэхнікум, дзе пачыналі свой працоўны шлях многія будучыя вядомыя навукоўцы і палітычныя дзеячы. Сярод іх доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Маркел Савіцкі, Герой Савецкага Саюза, намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Уладзімір Лабанок.

Дапаўняюць гістарычны экскурс рэдкасныя фотаздымкі, дзякуючы якім можна ўявіць, як насамрэч выглядала ўнутранае ўбранства Беліцкага палаца. У чорна-белых кадрах векавой даўніны адлюстраваліся моманты з жыцця насельнікаў палаца, вяскоўцаў і нават гаспадарчая дзейнасць. Пры маёнтку была наладжана самая розная вытворчасць: цагельны і шкіпінарны заводы, бровар, сукнавальня, крупадзёрня, млыны… Намаганнямі самаго Карла Свяцкага, які да таго ж узначальваў павятовае сельскагаспадарчае таварыства, у Беліцы ўкараняліся самыя прагрэсіўныя метады вядзення сельскай гаспадаркі. Тут разводзілі племянных жывёл, якіх спецыяльна набывалі за мяжой. Выраб малочнай прадукцыі быў наладжаны з улікам усіх санітарна-эпідэміялагічных нормаў — за якасцю сачыла цэлая лабараторыя з найноўшым для таго часу абсталяваннем. Невыпадкова беліцкія сыры і масла разыходзіліся па ўсёй Расійскай імперыі, а прозвішча Свяцкага стала, як бы мовілі сёння, брэндам. Патрапіць на практыку ў Беліцу марылі студэнты ўсіх аграрных вышэйшых навучальных устаноў.

Мімаволі параўноўваеш мінулае і сучаснае. Сёння ад былой славы Беліцкага маёнтка засталіся толькі руіны палацавага комплексу. Аднак Аляксандр Бараноўскі не страчвае надзею на аднаўленне сядзібы, дзе б мог размясціцца і музейчык, прысвечаны гісторыі паселішча і яго ўладальнікаў. Кніга «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі» — спроба звярнуць нашу ўвагу на спадчыну, якую нам пакінулі продкі, і якую мы пакуль не страцілі канчаткова.

Краязнаўствам Аляксандр захапіўся падчас вучобы ў СШ №1 г.Сянно. Пачынанні юнага сенненца падтрымалі настаўнік гісторыі Святлана Яроменка, а таксама вядомы на Сенненшчыне краязнаўца Васіль Бандарэвіч. А ў адзінаццатым класе юнак нават стварыў у інтэрнэце блог, прысвечаны гісторыі Сенненшчыны (спасылку на яго можна знайсці на галоўнай старонцы сайта раённай газеты www.senno.by). Гледзячы на Аляксандра, прыходзіш да высновы — вось яна сучасная моладзь — дасведчаная, патрыятычная, а яшчэ таленавітая ва ўсім. Так, Саша, акрамя таго, што з’яўляецца старастам групы і старшынёй студэнцкага навуковага таварыства факультэта, актыўна праяўляе сябе і ў студатрадаўскім руху. Летась студэнцкі сельскагаспадарчы атрад на чале з ім прызнаны лепшым у рэспубліцы.

Аляксандар ўжо будуе планы на другую кнігу, прысвечаную на гэты раз знакамітым землякам. Па яго словах, матэрыялу назбіралася на паўсотню асоб. Некаторыя з імёнаў для сенненцаў з’яўляюцца terrа incognita. А значыць, нас чакаюць новыя адкрыцці.