Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
Меню
23 сентября 2015
ПА МІНУЛАГОДНІХ РАСЦЭНКАХ
Самыя высокія тэмпы ўборкі кукурузы сёлета дэманструюць корманарыхтоўшчыкі ААТ «Ульянавічы». У сельгасарганізацыі скошана і закладзена ў сіласныя траншэі зялёная маса з больш чым паловы плошчаў, занятых асноўнай кармавой культурай, што дазволіла пераўзысці мінулагоднія запасы кармоў.
Самыя высокія тэмпы ўборкі кукурузы сёлета дэманструюць корманарыхтоўшчыкі ААТ «Ульянавічы». У сельгасарганізацыі скошана і закладзена ў сіласныя траншэі зялёная маса з больш чым паловы плошчаў, занятых асноўнай кармавой культурай, што дазволіла пераўзысці мінулагоднія запасы кармоў.
Чаго не скажаш пра стан спраў у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Чаму так адбываецца мы паспрабавалі высветліць непасрэдна ў полі.
У той дзень уборка кукурузы вялася непадалёку ад Беліцы. Яшчэ на пад’ездзе да поля заўважаем трактар, які застыў на ўскрайку. Андрэй Латышаў не хавае: «Пад загрузку — чарга.»
Як высветлілася, працоўны дзень пачыналі два кормаўборачныя камбайны. Ды адзін з іх хутка быў вымушаны адправіцца ў рамонтныя майстэрні. Астатнія тры камбайны зусім у нарыхтоўцы кармоў з кукурузы не ўдзельнічаюць.
— Транспарт марудна загружаецца яшчэ і таму, што сёлета ўраджайнасць кукурузы даволі нізкая, — тлумачыць механізатар Уладзімір Белікаў. Ён працуе на КСК-800. — А калі яшчэ і поле невялікае, пад пагрузкай тэхніка знаходзіцца па 15-20 хвілін.
У ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» кукурузай занята 745 гектараў. На момант наведвання сельгасарганізацыі было ўбрана каля трэцяй часткі плошчы. А механізатары нават не ведалі нормы выпрацоўкі, расцэнак па аплаце працы.
— Не, размова наконт аплаты вялася. Маўляў, можа па мінуламу году будзем плаціць. Толькі вось сёлетнюю і леташнюю ўраджайнасць не параўнаць. А галоўнае, ніякага дакумента па аплаце працы мы не бачылі, — сцвярджаў Уладзімір Белікаў.
Між тым, як паведаміў рэдакцыі Мікалай Зеляня, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» па эканоміцы, да нядаўняга часу такая аплата сапраўды прымянялася ў сельгасарганізацыі. З 15 верасня расцэнкі і на адвозцы, і на здрабненні павялічаны ў параўнанні з мінулым годам. Механізатары з загадам былі азнаёмлены 17 верасня.
Такая вось аператыўнасць, якая безумоўна не лепшым чынам адбіваецца на настроі людзей, на прадукцыйнасці іх працы. Чаму гэты факт ігнаруецца наглядальным саветам акцыянернага таварыства, незразумела.