back_pattern
Бел

Адрас: 211117, г. Сянно, вул. К.Маркса,2

Е-mail: info@senno.vitebsk-region.gov.by

Тэлефон: (02135) 5-53-47

Гарачая лінія: (02135) 5-52-96

Парк Трох герояў Палац урачыстых абрадаў і фантан "Закаханыя"  Фізкультурна-спартыўны комплекс Парк Трох герояў Прырода Сенненшчыны Прырода Сенненшчыны Возера Сенненскае ЗАГС і фантан "Закаханыя" Помнік прыроды "Каплічка" Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Сянно
Парк Трох герояў

Навіны раёна

7 жніўня 2020

«Даражэй за ўсё сэрцу Беларусь». Што, акрамя біятлона, цікавіць алімпійскую чэмпіёнку Ірыну Крыўко

Прайшло больш за 2 гады пасля трыумфу беларускіх біятланістак на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. Тады Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дынара Алимбекова заваявалі золата ў эстафетнай гонцы. Здавалася б, пасляалімпійскiя страсці вакол спартсменак трохі пацішэлі. Але, даведаўшыся, што на малую радзіму, у Сянно, прыязджае пагасціць Ірына Крыўко, не сустрэцца са спартсменкай мы не маглі.

Усе жыхары невялікага раённага цэнтра ведаюць парк 40-годдзя Перамогі. Там у асноўным і трэніруюцца юныя біятланісты Сенненскай СДЮШАР, там рабіла свае першыя крокі на лыжні Ірына Крыўко. Там мы і дамовіліся сустрэцца з алімпійскай чэмпіёнкай.

- Ірына, як часта прыязджаеш на малую радзіму? Як сустракаюць алімпійскую чэмпіёнку землякі?

- У летні перыяд біятланісты трэніруюцца па 18 дзён у Раўбічах, потым нас ненадоўга адпускаюць дадому. У гэты час часта прыязджаю да мамы, абавязкова наведваю бабулю і дзядулю ў вёсцы. Сянно для мяне - перш усяго роднае мястэчка, дзе прайшло дзяцінства, дзе стала займацца спортам. За што заўсёды кажу дзякуй Валянціне Гардзецкай, настаўніку фізкультуры СШ №2. Яна прывяла мяне ў біятлон. А таксама першаму трэнеру Валерыю Лектараву, які навучыў азам і ўпартай працы на лыжні. У Сянно людзі заўсёды пазнаюць мяне, падыходзяць зрабіць сэлфi або ўзяць аўтограф.

- Мінулы біятлонны сезон быў не вельмі ўдалым для цябе. Чаго не хапіла?

- Так, не ўсё атрымлівалася. Функцыянальны стан быў не на вышыні, не складалася стральба. Вядома, была сама ў шоку, калі зарабляла тры промахі ў спрынце і добра, калі трапляла ў гонку пераследу. Няўдачы псіхалагічна моцна ціснулі. Але гэта спорт. Немагчыма спланаваць ідэальную гонку.

- Сама люблю біятлон і заўсёды цікавілася, што адбываецца па той бок экрана. Раскажы пра свае кур'ёзы, якія камеры не паспелі паказаць тэлевізійным заўзятарам.

- Кубкі свету, чэмпіянат па біятлону - проста свята для фанатаў. У многіх краінах перад гонкамі ладзяць канцэрты, можна паспрабаваць нацыянальныя стравы. Таму акунуцца ў свята, ўжывую ўбачыць біятлонную гонку, лічу, куды цікавей, чым ля тэлевізара.

Было шмат кур'ёзных сітуацый. Успамінаецца адзін выпадак, калі некалькі гадоў таму ў шведскім Эстэрсундзе падчас гонкі ўпала. Прыйшла на агнявы рубеж, гляджу - не хапае абоймы. Зараджаю вінтоўку, апошняя абойма падае за мяжу, а дастаць яе нельга. Падымаю руку, на дапамогу ідзе суддзя. На той момант, калі кожная секунда дарагая, мне здавалася, ледзь ногі перастаўляе. Даў абойму, але не тую. Я псіханула і кінула яе ў яго. Вядома, мяне маглі б аштрафаваць, але абышлося. Пасля прасіла прабачэння.

- Якая ў тваім жыцці самая запамінальная гонка? Не лічачы, вядома, калі вы з дзяўчатамі выйгралі алімпійскае золата.

– Безумоўна, тая эстафета была яркай. Пасля яе многае змянілася. Але самай запамінальнай гонкай, напэўна, стаў мас-старт у Ансі ў 2017 годзе, калі я ўзяла срэбра. Гэта адбылося даволі нечакана. Падчас спаборніцтваў на электроннае табло, дзе размяшчаюць вынікі, звычайна не гляджу. Па ходзе, натуральна, трэнеры або заўзятары падказваюць. А тут адстраляліся добра, глянула на табло - іду другая! Не паверыла сваім вачам. НЕ ведаю, дзе ў мяне ўзяліся сілы, але выпусціць гэтую магчымасць я не магла. У выніку Лаура Дальмайер не дагнала мяне і паднялася на п'едэстал трэцяй.

- На выгляд і не скажаш, што такая мініяцюрная дзяўчына канкуруе на лыжні з наймацнейшымі спартсменкамі свету - італьянкай Даратэяй Вiрэр, шведкай Ханнай Обэргэ, нарвежкай Тiрыль Экхофф. Як ты настройваешся на гонку? Што дапамагае справіцца з хваляваннем?

- Цікавае пытанне (смяецца. - заўвага аўт.). Вонкава я саступаю многім буйным біятланісткам. Дзесцi гэта адбіваецца на выніку. Але стараюся не зацыклівацца на гэтым, а больш працаваць. Наладжваюся на гонку, слухаючы музыку. Аддаю перавагу класічнай. Бывае, раблю дыхальную гімнастыку. Гэта амаль заўсёды дапамагае пазбавіцца ад хвалявання. Часам трэба па-баявому узбадзёрыцца, тады ўключаю музыку больш рытмічную, цяжкую.

- Іра, ты бываеш у многіх краінах свету. У якім горадзе, краіне магла б жыць?

- Мне падабаецца Славенія - краіна невялікая, дзе ўсё побач: і горы, і мора. Але даражэй сэрцу Беларусь. Тут усё роднае. Цярпець не магу шумныя мегаполісы. Таму так цаню два спакойных, родных мне горада - Сянно і Наваполацк. Менавіта ў Наваполацку я скончыла школу алімпійскага рэзерву, ўзмоцнена трэніравалася «на вынік». Менавіта адтуль мой муж, там цяпер мой дом.

- Акрамя біятлону, што яшчэ цікавіць Ірыну Крыўко? Чым любіш займацца ў вольны ад трэніровак і спаборніцтваў час?

- Я люблю пячы пірагі, запяканкі, сырнікі. Асабліва мне падабаецца рыхтаваць львоўскі сырнік - велізарны, на ўсю патэльню. Стараюся правільна харчавацца. Таму ў маім рацыёне заўсёды кашы, тварог, гародніна і садавіна. Але гэта не значыць, што мы, спартсмены, не можам дазволіць сабе з'есці, напрыклад, піцы, чыпсаў, выпіць на свята келік шампанскага. Многія лічаць нас нейкімі іншымі. Часам пішуць каментары пад навагодняй фатаграфіяй: «Вам хіба ж гэта можна піць і есцi?» Хочацца сказаць, што мы звычайныя людзі, гэтак жа плацім падаткі, адзначаем святы. Вядома, не адпачываем на Новы год некалькі дзён, як усе. Ведаем, што ў нас яшчэ штодзённыя трэніроўкі і трэба берагчы сілы.

А яшчэ люблю кнігі, асабліва пра спартсменаў або пра здароўе. З нядаўніх ў чытацкім арсенале - «Мартэн Фуркад. Мая мара аб золаце і снезе».

- Ці ёсць у цябе кумір?

- Я не магу сказаць, што ў мяне ён ёсць. Заўсёды захапляюся людзьмі, якія сваімі сіламі дабіліся высокіх вынікаў: нашы Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна. Тыя ж Мартэн Фуркад, браты Бё. Людзі з простых сем'яў, без дапамогі багатых бацькоў змаглі стаць знакамітымі, і падаюць прыклад іншым.

- Пра што сёння марыць Ірына Крыўко?

- Годна выступіць у бліжэйшых двух сезонах. З'ездзіць на Алімпіяду і пастарацца заваяваць асабістае золата. Потым - пайсці ў дэкрэт.

- Дзякуй, Ірына, за гутарку. Поспехаў у запланаваным. А мы будзем хварэць за цябе - нашу алімпійскую зорку біятлона.


«Віцебскія весці», Ірына Хасанава

Фота Ірыны Хасанава.

Дзелавое супрацоўніцтва
Апытанне
Што для Вас найбольш важна ў вашай працы (будучай працы)?
back_pattern